ЦЭНТРА́ЛЬНЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т У ВАРША́ВЕ (ЦНК, Komitet Centralny narodowy),
канспіратыўны цэнтр падрыхтоўкі і кіраўніцтва паўстаннем 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. 17.10.1861 у Варшаве па ініцыятыве пісьменніка А.Кажанёўскага «чырвоныя» стварылі гар. к-т (камітэт руху), які ў маі 1862 пераўтвораны ў ЦНК. Яго арганізатары І.Хмяленскі і Я.Дамброўскі. Склад і структура к-та часта мяняліся. У чэрв. 1862 ЦНК прыняў план Дамброўскага аб неадкладным узбр. паўстанні, які адхілілі памяркоўныя элементы. У ЦНК побач з паслядоўнымі рэвалюцыянерамі (С.Баброўскі, З.Падлеўскі, Б.Шварцэ) вял. ўплыў мелі прадстаўнікі правага крыла «чырвоных» (А.Авейдэ, А.Гілер). Гэта адбілася на сац. і нац. праграме паўстання, выпрацаванай ЦНК, якая стала палавінчатай. Дэкларуючы раўнапраўе бел., літ. і ўкр. народаў, к-т імкнуўся пашырыць сваю ўладу на тэр. Рэчы Паспалітай у межах 1772, супраць чаго паўстаў віленскі к-т «чырвоных» (К.Каліноўскі). ЦНК падтрымліваў сувязі з Камітэтам рускіх афіцэраў у Польшчы, з рус. рэв. цэнтрам у Лондане (А.І.Герцэн, М.П.Агароў), з ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу. У пачатку паўстання (22.1.1863) к-т абвясціў сябе Часовым нац. урадам, у якім з сак. 1863 вял. ўплыў набылі «белыя». З 10.5.1863 к-т афіцыйна наз. Нацыянальным урадам. У 1862—63 к-т канспіратыўна выпускаў газ. «Ruch» («Рух», рэдактар Гілер).
Літ.:
Показания и записки о польском восстании 1863 г. Оскара Авейде. М., 1961;
Dokumenty Komitetu Centralnego Narodowego i Rządu Narodowego, 1862—1864. Wroclaw etc., 1968.
Г.В.Кісялёў.
т. 17, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)